Старыя Васілішкі

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла

Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

Каталіцкая парафія у Старых Васілішках была заснавана у XV стагоддзі па фундацыі вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка (1427–1492). Сучасны касцёл пабудаваны ў 1897–1903 гадах па праекце Канстанціна Вайцяхоўскага.

Упершыню наяўнасць аргана у Старых Васілішках адзначаецца у інвентары 1721 года – гэта быў арган на 7 рэгістраў. У інвентары 1782 года занатаваны звесткі пра “зусім сапсаваны пазітыў”. Больш звестак пра арган у Старых Васілішках з XVIII і XIX стагоддзяў не знойдзена.

Для сучаснага аргана дакладна невядомы ні час пабудовы ні яго аўтар. Арган мае дыяпазон (C-с’’’), характэрны для інструментаў сярэдзіны – трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя. Яго праспект мае распаўсюджаны тып: дзьве высокія гранёныя бакавыя вежы і меньшая трахкутная, з секцыямі паміж імі. Арганы з такім тыпам праспекта будаваліся на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага з 1760-х па 1830-я гады. Адзінай ускоснай падказкай даты пабудовы з’яўляецца адзінае захаваўшаеся аздабленне аргана – цэнтральная кансоль, якая выканана у тэхніцы глыбокага разбення, якая характэрна для трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя.

Арган у Старых Васілішках першапачаткова быў пабудаваны для касцёла кляштара дамініканцаў у суседняй вёсцы Васілішкі. Гэты касцёл быў пабудаваны у 1769 годзе і кансэкраваны у 1790 годзе (гл. артыкул Васілішкі). Па інвентары 1861 года у ім адзначаецца наяўнасць аргана “на 12 галасоў[1]. Вядома, што пасля пераутварэння гэтага касцёла у праваслаўную царкву у 1867 годзе маёмасць Васілішкаўскага касцёла была перанесена у драўляны касцёл у Старых Васілішках. Пасля пабудовы на пачатку XX стагоддзя вялікага новага касцёла у Старых Васілішках, са старога драўлянага касцёла у яго быў перанесены гэты арган. Пасля вяртання Васілішкаўскага касцёла Каталіцкай царкве у 1919 годзе, у 1920 годзе распачалася справа па вяртанні касцёльнай маёмасці са Старых Васілішак. У выніку доўгай дыскусіі і умяшальніцтва дыяцэзіяльнай курыі частка маёмасці была вернута, але не уся, у тым ліку не быў вернуты арган. Гэта, дарэчы, зыграла значную ролю у яго захаванні, бо пасля Другой сусветнай вайны касцёл у Васілішках быў зноў закрыты і ператвораны у склад. На 1927 год у інвентары касцёла у Старых Васілішках адзначаецца дрэнны стан аргана.

У 1953 годзе касцёл быў зачынены, але маёмасць яго ніхто не крануў. У 1970-я гады у касцёл забраліся падлеткі з размешчанага недалёка дзіцячага дома. Ім уявілася, што у аргане можа быць схавана золата і у яго пошуках яны пераламалі большую частку труб і механізмаў аргана. З цягам часу ён пакрыўся брудам, і у ім на пэўны час звілі гняздо  крымкачы. У аргане захавалася гістарычныя механіка і каля 80% труб. Арган прастаяў у такім выглядзе да 2013 года. Па ініцыятыве апякунскага савета музея Чэслава Немана у 2013 годзе распачалася яго рэстаўрацыя, якая зацягнулася і ня скончана да гэтага часу, большая частка трубаў са штокамі вывезены з касцёла.

Зыходзячы з дыяпазона клавіятуры, тэхнікі разбення кансолі, даты пабудовы касцёла у Васілішках, праўдападобным падаецца, што інструмент быў пабудаваны прыкладна у 1770-я гады.

[1] у разглядаемым аргане было 10 рэгістраў і 2 эффекты (Tympani і Zymbelstern), што разам магло быць занатавана як “12 галасоў” (па колькасці ручак на кафедры)

10/I
невядомы майстар, апошняя трэць XVIII  – пач. XIX ст. (1770-я ?)
Manual (C-с’’’)
[Salcinal] 8’
[Flet Major] 8’ *
[Qwintadena] 8’ *
[Principal] 4’ **
[Flet Minor] 4’ *
[Jula] 4’
[Qwinta] 3’ *
[Oktawa] 2’ *
[Flasznet] 2’ *
[Mixtura] 3f *
Tympani, Zymbelstern
Механічная ігравая і рэгістровая трактура, шляйфлада
Складчаты мех, ручная калькацыя  (карамысла), самаробны матор у вежы касцёла

* – рэгістры адсутнічаюць разам са штокамі

** – трубы рэгістра Principal 4’ змешчаны на фасадзе