Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Гродзенская вобласць, Смаргонскі раён
Касцёл у Данюшава быў заснаваны у 1483 годзе тагачаснымі ўладальнікамі маёнтка Саковічамі. Наступны касцёл быў пабудаваны у 1620 годзе па фундацыі вялікага гетмана літоўскага Яна Кішкі (1586–1654) і яго жонкі Крыстыны (з Друцкіх-Сакольскіх). У 1809 годзе на сродкі Марціна Кліманскага быў збудаваны сучасны касцёл з рысамі барока і класіцызму. У ў 1899–1902 гадах адбылася рэканструкцыя касцёла, якая надала яму рысы неаготыкі. У 1960-я гады касцёл быў закрыты і прыстасаваны пад збожжасховішча. Вернуты вернікам у канцы 1980-х гадоў.
Арган, які зараз знаходзіцца у Данюшаўскім касцёле, быў перанесены сюды паміж 1884 і 1893 гадамі з самай знакамітай каталіцкай святыні былога Вялікага княства Літойскага – Астрабрамскай капліцы у Вільні.
Арган быў пабудаваны невядомым майстрам у Вострай Браме незадоўга да 1804 года. Па захаваўшымся апісанням інструмент меў 6 рэгістраў, адзін мануал і два мяхі, і размяшчаўся у дзьвух аднолькавых арганных шафах, якія былі змешчаны абапал алтара Маці Божай Астрабрамскай. Кафедра была убудавана у правую шафу з боку праспекта. У такім выглядзе ён праіснаваў прыкладна да 1859 года і патрапіў на малюнак Васіля Садоўнікава (літаграфія з якога была змешчана у “Альбоме Віленскім” С.Вільчынскага 1847 года) і літаграфію Антонія Алешчынскага. Таксама выява гэтага аргана захавалася на сцяне бакавой капліцы у касцёле у вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці (гл. артыкул Старыя Васілішкі).
Каля 1859 года арган быў перабудаваны арганным майстрам Мацкевічам[1]. Дзякуючы нататкам XIX стагоддзя тагачаснага даследчыка арганаў ксяндза Яна Галіча-Сулінскага (?–1900) вядома, што да аргана было дададзена 8 рэгістраў, чатыры з якіх – педальныя. Усе старыя і новыя мануальныя рэгістры былі змешчаны у правай шафе, усе педальныя рэгістры – у левай. Кафедра была перанесена у дальні ад алтара тарэц правай шафы. Кс. Галіч-Сулінскі занатаваў дыспазіцыю гэтага інструмента:
| Manual Holmand 8` Flet major 8` Cornet 8` Trompet 8` Pryncypal 4` Octava 4` Flet minor 4` Jula 4` Quinta 3` Sedecima 2` |
Pedal Bordun 16` Flet major 8` Gamba 8` Trompet 8` |
Праўдападобна (зыходзячы з захаваўшыхся віндлад), у гэтым апісанні кс. Ян Галіч-Сулінскі зрабіў некалькі недакладнасцяў. Так, у мануале хутчэй за ўсё адсутнічаў рэгістр Trompet 8`; верагодна, Pryncypal, калі ён быў, то меў 8 футаў; Cornet 8` з’яўляўся наборным рэгістрам; усяго у мануале было 7 рэгістраў. У педалі прапушчаны адзін рэгістр, праўдападобна Pryncypal 8`.
Гэты перабудаваны арган можна пабачыць на літаграфіі другой паловы XIX стагоддзя. Ён размяшчаўся у Астрабрамскай капліцы да 1884 года[2].
Ужо у 1893 годзе у інвентары Данюшаўскага касцёла адзначаецца наяўнасць аргана з віленскай Вострай брамы. Застаецца невядомым хто ажыццявіў яго перанос у перыяд з 1884 па 1893 год. У часы Першай Сусветнай вайны у касцёле размяшчаўся нямецкі шпіталь і арган быў пашкоджаны. У каталогу фірмы В.Бярнацкага 1920-х гадоў сярод выкананых прац пазначаецца Данюшава, што, верагодна, азначае грунтоўны рамонт аргана. Падчас закрыцця касцёла у савецкі перыяд арган быў разабраны, а пасля вяртання касцёла вернікам арган быў сабраны літоўскімі майстрамі з дадаткам некаторых частак.
Дзьве шафы, якія раней размяшчаліся абапал алтара, былі аб’яднаны у адну з дадаткам секцыі паміж імі. На праспекце граючыя трубы былі заменены драўлянай імітацыяй. Бакавыя секцыі труб заменены драўлянымі рашоткамі. Віндлады і частка труб належаць старому аргану. Мануальная віндлада разлічана на 7 рэгістраў, педальная – на 5 рэгістраў. На задняй сцяне арганнай шафы захаваўся аўтограф: “O.Bauch 7.8.1872”. Арган знаходзіцца у некамплектным стане і выкарыстоўваецца парафіяй некалькі разоў на год.
[1] У 1859 годзе Мацкевіч перабудоўвае таксама арган у Віленскім касцёле Кармелітаў босых Св.Тэрэзы пры Вострай Браме
[2] У 1884 годзе Фларыян Астрамецкі з Гродна пабудаваў замест яго новы 6-рэгістровы арган з адным мануалам і педаллю Гэты інструмент можна пабачыць на шэрагу фотаздымкаў канца XIX ст. – пачатку XXст. Ён праіснаваў да грунтоўнай перабудовы капліцы 1927-1932 гадоў, калі замест гэтага аргана былі змешчаны panneaux для вотаў. У 1932 годзе у галерэі, якая вядзе да капліцы, Вацлаў Бярнацкі збудаваў новы арган, які захаваўся да нашага часу. У самой Астрабрамскай капліцы арган больш не будавалі.
| 12/I/P невядомы майстар, каля 1804 Мацкевіч, каля 1859 перанесены у Данюшава невядомым майстрам, паміж 1884 і 1893 Wacław Biernacki, першая трэць XX ст. літоўскія майстры, 1990-я |
|
| I Manual (C-f’’’) Principal 8` Flöte 8` Gedackt 8` Flöte 4` [?]*** [?]*** [?]*** |
Pedal (C-e)* [Bordun 16`] [Flet major 8`] [Trompet 8`] ** [?]*** [?]*** |
| Механічная ігравая і рэгістровая трактура, шляйфлада | |
| Самаробны матор і невялікі паплаўковы мех | |
* – дыяпазон педальнай віндлады складае 20 тонаў, але педальная клавіятура мае дыяпазон толькі 17 тонаў
** – захаваліся толькі рэшткі рэгістра Trompet 8`, на кафедры адсутнічае адпаведная яму ручка
*** – рэгістры адсутнічыюць, на кафедры адсутнічаюць ручкі